Малоритский народный костюм

Беларускі народны касцюм — гэта багатая энцыклапедыя традыцыйных мастацкіх жаночых рамёстваў. У ім увасобіліся лепшыя дасягненні мастацкай творчасці беларускіх  жанчын у галіне ручнога ўзорыстага ткацтва, вышыўкі.
Традыцыйны беларускі касцюм данёс да нас народны вопыт мадэліравання адзення, заснаваны на рацыянальнасці крою i тэхналагічных асаблівасцях ручнога пашыву, пры якiм прыгажосць i мэгазгоднасць былі непадзельнымі.
Традыцыйнае народнае  адзенне  вылучаецца  павольнай абцякальнасцю сілуэта,  скульптурнай цэласнасцю формы, выразнасць якой падкрэсліваецца арнаментальным  дэкорам і  каларыстычным  вырашэннем.
Не глядзячы на невялікую плошчу нашай краіны, традыцыйны беларускі касцюм вельмі разнастайны і мае мноства рэгіянальных варыянтаў, якія прынята называць строямі.
Маларыцкі народны касцюм – гэта багатая энцыклапедыя традыцыйных мастацкіх жаночых рамёстваў. У ім ўвасобіліся лепшыя дасягненні мастацкай творчасці Маларыцкіх жанчын у галіне ручнога ўзорыстага ткацтва і вышыўкі.
Маларыцкі строй адзін з самых адметных і разнастайных строяў Беларусі. Для Маларыцкага строю характэрна значная каларыстычная напружанасць, насычынасць дэкорам. У вышываным і тканым яго аздабленні шырока выкарыстоўваўся ромба-геаметрычны арнамент, бардзюрныя кампазіцыі з цёмна-чырвоных палос.
Касцюм паўночна-заходняй часткі Маларыцкага раёна мае шмат агульных рысаў з касцюмам суседніх Жабінкоўскага і Кобрынскага рэгіёнаў. Маларыцкі строй і касцюм паўночна-заходняй часткі Украіны маюць агульныя рысы, бо мелі цесныя культурныя і геаграфічныя кантакты, якія склаліся на гэтай тэрыторыі.
Маларыцкі строй адрозніваецца архаічнасцю, класічнай завершанасцю формаў адзежы, арыгінальным жаночым галаўным уборам, выкарыстаннем багата аформленых дэкаратыўных тканін.
У Маларыцкім касцюме ёсць свае адметныя рысы, свае асаблівасці. Амаль кожная вёска раёна мае свой касцюм, таксама як і свой дыялект, звычаі, традыцыі. Па агульным кампазiцыйна-арнаментальным рашэннi жаночыя касцюмы паўночных вёсак Маларытчыны адносяцца да Кобрынскага строю. А вось на поўднi, у такiх вёсках, як Гвознiца, Збураж, Радзеж, Хацiслаў, Ляхаўцы, Макраны, Замшаны жанчыны насiлi строй, якi этнографы назвалi ўласна «маларыцкiм». Яго можна пазнаць па буйным рамбiчным арнаменце, насычаным каларыце, багатых кампазiцыях аздаблення, якiя запаўняюць верхнiя i нiжняй часткi рукавоў, манжэты, фартушкi, паясное адзенне.
Народны касцюм Маларытчыны складаўся з наступных дэталяў. Гэта — сарочка, кашуля, спадніца, андарак, бурка, фартух, фартушок, намітка, плат, латуха, крайка, каптур і інш. У гэтым касцюме выражана такое разуменне прыгажосці, што і ў напеўных беларускіх мелодыях, танцах, былінах. Тая ж мэтазгоднасць і ў сціплай утульнасці сялянскай хаты. Па адзенню можна было вызначыць сацыяльнае і сямейнае становішча  чалавека — яго ўзрост, род заняткаў. Характар арнаментаў, кампазіцыя і колер дазвалялі беспамылкова вызначыць, з якой вёскі родам яго ўладальнік. Маларыцкi строй, нягледзячы на тое, што складаецца з розных частак, адны з якiх тканыя (бурка альбо хвартух, пояс), другiя — вышываныя (сарочка, фартушок, намiтка), утварае цэльны ансамбль, для якога характэрны аднастыльнасць i аднатыпнасць, але не аднолькавасць арнаменту.

image008.jpg
Фото. Малоритские народные костюмы.
Жаночы касцюм
Абутак

Асноўным абуткам жанчын Маларытчыны былі лапці (у народзе называліся “постолы”), якія пляліся з лыка. На ногі намотваліся белыя анучы з палатна, надзяваліся лапці і замацоўваліся з дапамогай валокаў, скручаных з ільну. У летні перыяд, у асноўным, жаночая частка насельніцтва хадзіла босай, ці ў лапцях, іншы раз ужываліся аборкі з анучаў, якія перавязваліся завоямі пад каленам. Хто быў багацейшы, то на святы абуваў чаравічкі са скуры.

Аксэсуары

Мясцовыя жанчыны, калі збіраліся на якое-небудзь свята ці ў госці, на вяселле заўседы надзявалі пацеркі (па мясцоваму – пацёры), купленыя ў краме (самі іх не выраблялі). Нанізвалі іх на ніткі ў некалькі радкоў і насілі. Абавязковым нашэннем на шыі быў нацельны крыжык, які быў абярэгам. А яшчэ выкарыстоўвалі так называемыя “лычманы” – медальён з выявамі святых: Багародзіцы, Іісуса Хрыста і інш. На жаль ніводнага лычмана да нашых дзён не захавалася.

Верхняе адзенне

Верхняе адзенне жанчын было даволі разнастайным. Зімой у мароз адзявалі кажух, калі было цяплей — абыходзіліся адзеннем, што шылася з валенага сукна хатняга вырабу. Самым старажытным і распаўсюджаным тыпам адзення была світка “з вусамі”, якая называлася “латуха”. Латухі для зімы былі доўгімі, святочныя  шылі з карычневага сукна і аздаблялі вышыўкай яркімі шарсцянымі ніткамі і такімі ж пампонамі, якія нашывалі на бакавыя кліны. Такія латухі называлі “квітаванымі”. Добрая латуха лічылася адзнакай заможнасці, таму на вяселле трэба было надзець дзве латухі. Для восені і вясны шылі больш кароткія і легкія латушкі, якія ў в.Хаціслаў мелі назву “кусік”. Пазней суконнае адзенне, якое насілі зімой было даўжыней да клубоў, мела прыталены сілуэт і называлася “сачык” або “сачок”. Такі ж тып адзення, пашыты з ільняной тканіны прызначаўся для нашэння летам і мела назву  “летнік”.

Галаўны ўбор (Плат)

Асаблівая ўрачыстасць святочнага строю замужняй жанчыны падкрэслівалася старажытным галаўным уборам – платам, які адмыслова завіваўся вакол галавы і кампазіцыйна завяршаў увесь комплекс адзення, надаючы верхняй частцы фігуры жанчыны надзвычайную годнасць. Платы мелі даўжыню 320-350 см., шырыню 60-65 см. І аздабляліся шырокімі бардзюрамі шчыльнага ромба-геаметрычнага арнаменту, які размяшчаўся на канцах, а ў самых урачыстых платах — і на адным падоўжаным баку. Такія платы называлі “акалястымі-акалестымі”. Іх упрыгожвалі ў тэхніцы старажытнай вышыўкі наборам (“нацягам”). На адным з ражкоў такога плата часам дадаткова вышывалі зоркападобную разетку. Спосабы завівання былі разнастайнымі і адпавядалі мясцовым традыцыям. Але жанчыны нават адной вескі маглі завіваць платы па рознаму. Напрыклад  у в.Збураж было выяўлена тры спосабы завівання плата. Плат у разгорнутым выглядзе накладаўся на галаву такім чынам, што левы яго канец (у акалястых платах ен быў вышыты па падоўжаным баку) абрамляў твар, праходзіў пад падбародкам, падымаўся ўверх з правага боку і перакідваўся цераз сярэдзіну галавы зноў на левы бок. Пры гэтым яго папярочны край, аздоблены шырокім арнаментальным бардзюрам, а часам яшчэ і разеткай, закрываў левае плячо і вуглом спускаўся на спіну. Правы канец плата складваўся ўздоўж упоперак, а потым згортваўся яшчэ два разы, у выніку чаго аказваўся складзеным у шэсць столак. У такім выглядзе ён ахопліваў працягнуты пад падбародкам левы канец, падымаўся ўверх, накіроўваўся назад і абручыкам абыходзіў вакол галавы. Пры гэтым арнаментаваны беражок акалястага плата праходзіў па версе абручыка. Ззаду канец у такім жа складзеным выглядзе падтыкаўся знізу ўверх пад пярэдні слой, утвараў зверху невялікую пятлю, а астатняя яго частка звісала ўздоўж спіны паверх разгорнутага левага канца плата. Гэты спосаб завівання даволі просты і рацыянальны, але пры завіванні плата такім чынам, яго падоўжаны арнаментальны бардзюр шматразова перакрыжоўваецца, што стварае ўраджанне мудрагелістага галаўнога ўбору.
Акрамя плата жанчыны Маларыцкага раёна насілі “кімбалку”- невялічкі абручык з вішневай галінкі дыяметрам 8-9 см., канцы якой звязваліся матузком. Праз яе прасоўваліся ўсе валасы, сабраныя ў пучок на сярэдзіне галавы, бліжэй да лба. Потым валасы раўнамерна размяркоўвалі па ўсім абручыку і хвастамі матузка, што замацоўваў канцы галінкі, шчыльна звязвалі пад ім. Свабодныя канцы валасоў раздзялялі на дзве пасмы, якія навівалі пад кімбалкай насустрач адна адной. Атрымлівалася акуратна і трывала, зверху надзявалі чапец, ажурна сплецены з белых нітак. Спераду чапец звычайна быў вышыты, а калі не — то вакол яго завязвалі чырвоную ваўняную стужку, канцы якой старанна хавалі ззаду. Уся прычоска разам з надзетым на яе чапцом, называлася “каблучок”. У такім выглядзе жанчыне дазвалялася быць толькі ў хатніх умовах. Перад выхадам за парог хаты яна павінна была завязаць яшчэ і хустку, ці завіць плат, які накладваўся на галаву. Пры гэтым ён не закрываў арнаментаваную пярэднюю частку чапца, а канец з нашытай разеткай пакрываў правае плячо і рогам спускаўся на спіну. Тую частку плата, што атрымлівалася з левага боку, складвалі ў шэсць столак, як і ў пярэднім выпадку. Яна праходзіла пад падбародкам, прыціскаючы сабой правы канец, падымалася ўверх з правага боку, абручыкам абыходзіла кругом галавы, пакідаючы адкрытай арнаментаваную пярэднюю частку чапца і падтыкалася ззаду.
Акрамя вышэйапісанага спосабу завівання плата жанчыны з в.Збураж прыпомнілі яшчэ адзін — летні. Для яго выкарыстоўвалі больш кароткі і вузкі плат, які быў вышыты па адным падоўжаным баку і меў тут назву “хустка акаляста”.

Жаночая кашуля

Шылася з грубаватага, але вельмі шчыльнага, пластычнага палатна. Яна кроілася з прамымі палікамі і адкладным ці стаячым каўняром. Шырокія рукавы завяршаліся прамавугольнымі каўнерцамі або брыжастымі “манжэтамі”. Асноўны дэкор канцэнтраваўся на аплеччы сарочкі-амаль што роўныя па шырыні масіўныя бардзюры ромба-геаметрычнага арнаменту натыкаліся “пераборам” (бранае двухуточнае ткацтва) ці нашываліся “нацягам” (наборам) па нізе палікоў і версе рукавоў. Кампазіцыйнай падтрымкай ім служылі больш вузкія арнаментальныя палосы, размешчаныя на ніжняй частцы рукавоў і на манжэтах. Разам з гэтымі старажытнымі тэхнікамі аздаблення ўжо шырока ўжываўся “крыжык”, які спачатку выкарыстоўваўся для вышывання геаметрычнага, а потым і расліннага арнаменту. У сарочках вышывалася і доўгая планка, якой афармляўся пазушны разрэз. З’яўленне гэтай навамоднай дэталі, якая па тэхніцы вышыўкі і характары арнаменту часта не адпавядае асноўнаму, больш ранняму аздабленню сарочкі, было выклікана, відаць, выхадам з ужытку платаў, якія ў завітым стане прыкрывалі пазуху. Вышыўкай упрыгожваўся таксама каўнер або толькі яго пярэдняя частка.

Намітка  як важны элемент Маларыцкага строю адзення

Асаблівая ўрачыстасць святочнага строю замужняй жанчыны падкрэслівалася старажытным галаўным уборам ручніковага тыпу — «платам», які меў выгляд падоўжанага кавалка хатняй палатніны, адмыслова-мудрагеліста завіваўся, абкручваўся, намотваўся вакол галавы і кампазіцыйна завяршаў увесь комплекс адзення, надаваў «абцякальнасць» верхняй частцы фігуры і надзвычайную годнасць постаці жанчыны. Спецыфіка гэтага тыпу ўбораў выяўлена ў этымалогіі традыцыйнай назвы, звязанай з самім працэсам накладвання наміткі. У сівую даўніну яе паэтычна называлі павоем, нібыта параўноўваючы з павойнай раслінай, якая прутка, далікатна і надта прыгожа абвівала тонкімі квітнеючымі сцяблінкамі ўстойлівае дрэва. Пра павой менскай князёўны ўпамінаў Іпацьеўскі летапіс. Не патрабуе асобых тлумачэнняў слова “завівала” альбо “плат”, таксама ёмкае, старадаўняе, паходжанне якога ад славянскага слова “платно” непасрэдна ўказвае і на матэрыял, і на форму ўбору.
Намітка — старажытны традыцыйны жаночы галаўны ўбор усходніх славянаў. Яго насілі замужнія жанчыны. У розных рэгіёнах наміткі называлі па-рознаму: украінскія — перемітка, намітка, намітец, серпанок, рантух, склендячка; беларускія — намётка, абмётка, павівала, плат; рускія — убрус, полотенце, подшырье, фата, гомылька. У старажытнасці намітку насілі ўсе жанчыны незалежна ад станавай прыналежнасці. Таму яны сустракаюцца на рускіх царкоўных фрэсках XII ст. і старажытных партрэтах. Існуе каля 30 спосабаў павязвання наміткі. У Беларусі яна ўпершыню сустракаецца на партрэце першай паловы XVI ст. княгіні Кацярыны Алелькавіч-Луцкай. Намітка часта ўпамінаецца ў матэрыялах Гродзенскага земскага суда сярэдзіны XVI ст. Спрадвечна намітку насілі і ў буднія дні, і ў святы. Але пасля з-за дастаткова вялікай складанасці завязвання, яна стала ўборам асаблівых выпадкаў: святаў, кірмашоў, абрадаў, шлюбаў.  Яе таксама апраналі і ў царкву. Наміткі аздабляліся складанай выцінанкай, часта з сімвалічнымі традыцыйнымі ўзорамі. Выцінанка размяшчалася па краі і на канцах наміткі. Выкарыстоўваліся таксама коклюшныя карункі і ўзорнае ткацтва. Вясельная намітка часта захоўвалася жанчынай усё жыццё і апраналася на яе пры пахаванні. Ткалі намітку з самых тонкіх кужэльных нітак, стараючыся, каб яна была як мага танчэйшай. Каб зрабіць намітку больш тонкай, яе мачылі ў вадзе, клалі на камень, а другім цёрлі зверху да таго моманту, пакуль палатно не станавілася падобным да марлі. Затым намітку мылі, жлукцілі і крухмалілі. Такая намітка была вельмі тонкай і ў той жа час добра трымала форму. Заможныя жанчыны выраблялі свае наміткі з дарагога тонкага палатна і ўпрыгожвалі іх карункамі, вышыўкай залатымі і сярэбранымі ніткамі, а жанчыны больш беднага становішча выкарыстоўвалі больш танныя тканіны і больш простыя ўпрыгажэнні, пры гэтым разнастайнасць арнаменту, як правіла, захоўвалася.

Функцыі і семантыка наміткі

Часцей за ўсё жанчына ўпершыню апранала намітку на ўласнае вяселле. Гэта як сімвал замужнасці, і, тым самым, яе залежнага становішча. Зняць галаўны ўбор – значыла амаль што парушыць шлюб. На Маларытчыне маладой пасля вянчання ў царкве надзявалі намітку, і яна насіла яе цэлы дзень. Пасля прыезду нявесты, у хаце жаніха свёкар здымаў галаўны ўбор і сяброўкі расчэсвалі нявесце валасы, закручвалі іх на тканку і надзявалі чапец і хустку.
Платы мелі звычайна даўжыню 320-350 см, шырыню 60-65 см і аздабляліся шырокімі бардзюрамі шчыльнага ромба-геаметрычнага арнаменту, які размяшчаўся на канцах, а ў самых урачыстых платах — і на адным падоўжным баку. Такія платы называлі «акалястымі», «акалестымі». Яны вельмi ўрачыстыя, аздобленыя па трох баках шчыльным ромба-геаметрычным арнаментам цёмна-чырвонага колеру. Акрамя таго, адзін з ражкоў акалестага плата дадаткова ўпрыгожвалі вышытай зоркай. Цiкава, што Маларыцкiх жанчын не задавальняў звычайны чырвоны колер купленых нiтак. Яны спачатку падфарбоўвалi iх крушынай альбо дубовай карой, каб надаць больш глыбокi — карычнева-чырвоны — тон. Пазней сталi выкарыстоўваць фабрычныя польскiя фарбавальнiкi, якiя давалi густое вiшнёвае, амаль да фiялетавага, адценне. Насычанасцi гамы патрабавала цяжкавагавасць арнаменту i мажнасць жаночай постацi, якую набывала фiгура ў гэтым строi.
Мы вывучылі 11 намітак, якія захоўваюцца ў музеі УА “Маларыцкая дзяржаўная раённая гімназія” (2 штукі) і Раённым цэнтры народнай творчасці (9 штук). Усе платы належаць да Маларыцкага строю адзення. Яны былі набыты ў час фальклорных экспедыцый у вёскі раёна (Збураж, Гвозніца, Брадзяцін, Перавое, Арэхава).
Аднолькавых намітак па памеры няма. Самая вузкая мае 51 см, самая шырокая – 63 см; даўжыня самай каротай складае 2м 64см, самай доўгай – 3м 7см.
Акалястыя платы ўпрыгожвалі ў тэхніцы старажытнай вышыўкі наборам («нацягам»). Такi плат на Маларытчыне называўся «нацяганы», а вышыўка — «нацягам» (па-руску «набором»). У некаторых мясцiнах намітку называлі  «процягам», «нашыванне», таму што ўзор нашываўся на палатно. Гэта вельмi старажытная тэхнiка, калi iголку працягвалi швом уперад праз усю шырыню бардзюра, i кожны такi працяг павялiчваў арнамент на мiлiметр. Вышыўка крыжыкам з’явiлася пазней, яна ўжо мела назву «вышыванне», бо ўзор вышываўся.
У трох разгледжаных намі намітках  Маларыцкага строю на рагу няма разетак-зорак, у пяці – вышыта адна. Носьбiты традыцыi тлумачылi, што «зорку» жанчына нашывала пасля таго, як нараджала дзiця. Акрамя таго, у дзвюх намітках на рагу знаходзіцца дзве разеткі-зоркі, а ў адной – ажно тры (неаднолькавыя памерам, адна – вялікая,  дзве – меншыя). Усе зоркі розныя, вышытыя чырвонымі ніткамі. У пяці, акрамя гэтага,  прысутнічае і чорная нітка. Белы колер – сімвал чысціні, шчырасці, свабоды; чырвоны – сімвал сонца, жыцця, радасці. А паколькі жыццё не вечнае, то і чорнага трошкі дабаўлялі. Гэта сімвалізавала і  пераход з аднаго свету (статусу) ў іншы.
Паводле здымкаў мінулага (в.Гвозніца, в.Арэхава, в.Дарапеевічы), на рагу платаў вышываліся і іншыя разеткі.
Адзін плат чырвонымі ніткамі падзелены на тры часткі (ніткі знаходзяцца на аднолькавай адлегласці ад канцоў; дзве, меншыя, часткі – аднолькавыя па памеры). Гэта зроблена для зручнасці, каб раўнамерна і прыгожа размеркаваць убор на галаве. Вышыўка заўжды знаходзіцца на краю. Гэта як бы мяжа асвоенай прасторы. Сімвалічныя арнаменты, складзеныя з рамбічных фігур, — гэта зварот да вышэйшых сіл з просьбаю аб абароне ад нячыстай сілы, ад няшчасця. Ромб на Маларыцкай намітцы — сімвал урадлівасці. Аднак у Збуражы, Гвозніцы і Брадзяціне ён азначаў зямлю, у Перавым – расліну, а ў Арэхаве – жанчыну. На некаторых намітках разеткі вышыты з 5 ромбаў, якія ўтвараюць крыж. Гэта сімвалізуе злучэнне жаночага і мужчынскага пачатку.
Плат перш за ўсё – галаўны ўбор з ярка выражанай знакавай функцыяй. Павітая намітка нібы раскрытая кніга, звяртаючыся да якой можна даведацца аб прыналежнасці яе ўласніцы да пэўнага рэгіёну, вёскі. Па ёй таксама можна здагадвацца, калі была тая намітка выткана ці пашыта, бо час заўсёды пакідае свае адзнакі.

Адметнасць завівання маларыцкай наміткі

Плат звычайна павязвалі на чапец. «Завіванне» наміткі было даволі складаным і патрабавала значнага часу і пэўнага ўмення. На Маларытчыне існавалі самыя разнастайныя спосабы павязвання намітак. Кожны спосаб адпавядаў пэўнай мясцовасці. Але нярэдка і ў адной вёсцы завівалі яе рознымі спосабамі. Напрыклад, у в. Збураж было выяўлена тры спосабы завівання плата. На жаль, загадкай засталося, чаму завівалася менавіта так? Жанчыны, якiя расказвалi пра гэта i паказвалi розныя спосабы завiвання, ужо не маглi патлумачыць. Магчыма, спосаб завiвання платаў жанчын сталага ўзросту адрознiваўся ад спосабу завiвання маладых.
Напэўна, у першым выпадку i самi платы былi прасцейшымi. Можа быць i тое, што плат адлюстроўваў статус жанчыны. Iнакш маглi завiвацца ўдовы. Да таго ж, манера завiвання магла адрознiвацца ў свята i ў буднi. Але ўсё гэта цяпер толькi здагадкi. Быў яшчэ, напрыклад, летнi варыянт, калi галава не поўнасцю закручвалася ў палатно: паверх прычоскi адзяваўся ажурны чапец, а больш кароткая намiтка складвалася ў палоску i завязвалася канцамi назад. Пры гэтым у замужняй жанчыны валасы абавязкова хавалiся, а шыя заставалася адкрытай. Каб завіць плат, перш за ўсё жанчыне трэба валасы гладка зачасаць i разабраць на прамы прабор, потым накруцiць на адмысловы льняны абруч — тканку, i ўкласцi на макушку. Абруч надаваў прычосцы асаблiвую форму. На прычоску жанчыны ў некаторых вёсках маглі надзяваць белы паркалёвы чапец, упрыгожаны спераду нашыўкай з белага гафту i карункамi. Калi на змену намiтцы прыйшлi хусткi, то апошнiя павязвалi такiм чынам, каб упрыгожаная пярэдняя частка чапца, на якую яшчэ павязвалi чырвоную атласную стужачку, была бачная. Чапец замацоўваўся на галаве з дапамогай матузка, што сцягваў яго нiжэй за патылiцу. Валасы спераду заставалiся крыху адкрытымi.
Далей  плат (на малюнках) у разгорнутым выглядзе накладаўся на галаву такім чынам, што левы яго канец (у акалястых платах ён быў вышыты па падоўжным боку) абрамляў твар, праходзіў пад падбародкам, падымаўся ўверх з правага боку і перакідваўся цераз сярэдзіну галавы зноў на левы бок. Пры гэтым яго папярочны край, аздоблены шырокім арнаментальным бардзюрам, а часам яшчэ і разеткай, закрываў левае плячо і вуглом спускаўся на спіну. Правы канец плата складваўся ўдоўж папалам, а потым згортваўся яшчэ два разы, у выніку чаго аказваўся складзеным у шэсць столак. У такім выглядзе ён ахопліваў працягнуты пад падбародкам левы канец, падымаўся ўверх, накіроўваўся назад і абручыкам абыходзіў кругом галавы. Пры гэтым арнаментаваны беражок каля плата праходзіў па версе абручыка. Ззаду канец у такім жа складзеным выглядзе падтыкаўся знізу ўверх пад папярэдні слой, утвараў зверх у невялікую пятлю, а астатняя яго частка звісала ўздоўж спіны паверх разгорнутага левага канца плата. Уся канструкцыя бездакорная i выразная з усiх бакоў. I цалкам мяняе вобраз жанчыны, рысы яе твару, падкрэслiваючы вочы, робячы больш правiльным контур. Цёмна-чырвоныя карункавыя бардзюры падкрэслівалі аблічча жанчыны, утваралі  карону на яе галаве і зрокава ўцяжарвалі канцы плата. Гэта надавала Маларыцкай сялянцы царскі выгляд, пачуццё ўласнай годнасці. Гэты спосаб завівання даволі просты і рацыянальны, але пры завіванні такім чынам акалястага плата яго падоўжны арнаментальны бардзюр шматразова перакрыжоўваецца, што стварае ўражанне мудрагелістага галаўнога ўбору.
Жыхаркі в.Збураж Надзея Алесік і Зінаіда Алексіюк расказалі, што больш кароткія і вузкія платы, вышытыя па аднаму падоўжанаму боку (мясцовая назва – “хустка акалеста”), складвалі ў даўжыню на шырыню далоні і павязвалі па ілбе вакол галавы, канцамі назад. Пры гэтым заставаліся бачнымі ажурнае донца чапца і вышываны яго край.
З актыўнага ўжытку намітка як галаўны ўбор знікла ў 1920-1930 гады. Аднак тонкае палатно працягвалі выкарыстоўваць у традыцыйных абрадах. Бабку-павітуху абдарвалі платам, пры хрышчэнні на ім трымалі немаўля. На вяселлі намітка была абавязковым падарункам, ёю завівалі маладую. Гэты рытуал адлюстроўваецца ў вясельных песнях. Адну з іх праспявала Марыя Піліпаўна Лямачка (в.Збураж):

Выцце, людзі, дывытыся,
Йідэ Іванко жынытыся,
Вызэ Ганночку ў возочку,
Сычэ коныка оброткою,
Накрыў Ганночку наміткою.
Заключэнне

Намітка перш за ўсё – галаўны ўбор з выразнай знакавай функцыяй. Павітая намітка нібы раскрытая кніга, звяртаючыся да якой можна даведацца аб прыналежнасці яе ўладальніцы да пэўнага этнасу, рэгіёну. Па ёй можна здагадацца таксама, калі была тая намітка выткана ці пашыта, бо час заўсёды пакідае свае адзнакі. А Маларытчына – тое месца, дзе найбольш поўна захаваліся народныя традыцыі, у прыватнасці, касцюм. Ён вылучаецца сярод іншых маналітнасцю свайго абрысу і багаццем дэкору, які шчодра аздабляе ўсе часткі адзення. Яго можна пазнаць па буйным рамбiчным арнаменце, насычаным каларыце, багатых кампазiцыях аздаблення, якiя запаўняюць верхнiя i нiжняй часткi рукавоў, манжэты, фартушкi, паясное адзенне. Маларыцкi строй, нягледзячы на тое, што складаецца з розных частак, адны з якiх тканыя, другiя — вышываныя, утварае цэльны ансамбль, для якога характэрны аднастылёвасць i аднатыпнасць, але не аднолькавасць арнаменту.  Арнамент на Маларыцкiм строi нiбы ўцiснуты ў шырокую чырвоную паласу. Яго не так i багата, але паласа выглядае масiўнай i напружанай па каларыце, да цёмна-чырвонага тут даданы цёмна-сiнi або чорны колер. Арнамент заўсёды мае пэўнае сімвалічнае значэнне.
Насычаны карычневата-чырвоны колер буйнога рамбічнага арнаменту адпавядае цяжкаватасці і статычнасці ўсяго ансамбля. Характэрная манументальнасць Маларыцкага строю падтрымлівалася своеасабліва павітым платам, які надаваў абцякальнасць верхняй частцы фігуры. Маларыцкі плат трошкі карацейшы, чым у іншых строях Заходняга Палесся. На яго бралі кавалак палатна 51-64 сантыметры шырынёй і 285-307 сантыметраў даўжынёй. Асабліва адметнасцямі вызначаліся так званыя “акалястыя” платы. З трох бакоў іх упрыгожвалі шырокімі ўзорыстымі шлякамі, а ў куточку левага канца часам нашывалі зоркавую разетку. Дадатковай часткай галаўнога ўбору выступала “тканка”, якая была каркасам для прычоскі і надавала  ёй характэрную форму пры навіванні плата. Спосаб павівання наміткі не быў вельмі складаным, але ён максімальна адкрываў усю прыгажосць вышыванага аздаблення. Цёмна-чырвоныя карункавыя бардзюры, нібы каштоўныя ўпрыгожванні, аблямоўвалі аблічча жанчыны, утвараючы своеасаблівую карону на галаве і зрокава ўцяжарвалі канцы плата.
З усяго вышэй сказанага можна зрабіць наступныя вывады:
1.Маларыцкі строй адзення мае асаблівыя самабытна-характэрныя прыкметы і адрозніваеца ад іншых строяў адзення;
2.Маларыцкая намітка (плат) мае свае характэрныя асаблівасці. Праведзенае даследаванне пацвердзіла гіпотэзу, што намітка Маларытчыны – своеасаблівы элемент Маларыцкага строю адзення.
Намітка як частка Маларыцкага строю адзення вызначаецца архаічнай семантыкай, звязанай з міфалагічнымі ўяўленнямі нашых продкаў. Хоць намітка і выйшла з ужытку ў 1930-ыя гады, але яна не страціла сваёй рытуальнай функцыянальнасці, выконвае важную семіятычную ролю ў вяселлі і хрышчэнні. У функцыях і семантыцы Маларыцкая намітка мае падабенствы з наміткамі іншых рэгіёнаў. Між тым, для яе характэрны асаблівасці, якія праяўляюцца ў памеры, каларытнасці, спосабах завівання.

Паясы жаночыя

У жаночым адзенні выкарыстоўваліся паясы, якія павязваліся паверх фартушка, двойчы абвіваючы стан жанчыны, канцы звісалі з левага боку, ці спераду. Ткалі іх з шарсцяных нітак, звычайна чырвонага колеру шырыня іх была 2-3 см. і мелі назву “крайка”.

Спадніца

Паясное адзенне жанчын адпавядала пары года і прызначэнню. Яно рознілася матэрыялам і тэхнікай вырабу, каларытам і характарам аздабленння, мела розныя назвы; хвартух, бурка, пасамэннык, летнік.
Яркай адметнасцю жаночых строяў адзначанай тэрыторыі з’яўлялася багатаарнаментаваная паўсуконная спадніца –“бурка”. Для яе вырабу на аснову браліся льняныя ці канапляныя ніткі, а на ўток — шарсцяныя. Тканіна для пашыву буркі выраблялася складаным спосабам з адначасовым выкарыстаннем дзвюх тэхнік ткацтва — чатырохнітовай аднаўточнай і бранай двухуточнай. З дапамогай чатырохнітовай тэхнікі ткацтва атрымлівалі аднабаковае перапляценне на аснове саржавага, якое па мясцоваму называлася “кажушок”. Яно дазваляла зрабіць шчыльны засціл з правага боку тканіны ніткамі ўтку. Пры гэтым ільняныя ніткі асновы цалкам перакрываліся якаснымі шарсцянымі ніткамі ўтку, што рабіла тканіну надзвычай цеплай і надавала ей прэстыжны выгляд. На пашыў буркі ішло чатыры полкі арнаментаванай купоннай тканіны. Тры з іх упрыгожваліся складанымі, дакладна распрацаванымі ўзорыстымі кампазіцыямі, якія ў пэўным рытме чаргаваліся паміж сабаю і запаўнялі ўсё поле. Адны з іх утвараліся гладкімі палосамі насычанага цёмна-чырвонага колеру і шчыльна ўпісанымі ў іх радамі ромба-геаметрычнага арнаменту. Паміж чырвонымі ўзорыстымі палосамі дадаткова натыкалі гладкія ці дробнаўзорыстыя шэра-белыя палоскі. Яны памякчалі каларыстычную напружанасць аздаблення і надавалі тканіне непаўторную прыгажосць. Падол акцэнтаваўся шырокім арнаментальным шляжком цёмна-чырвонага колеру з тонкімі пражылкамі чорнага, часам з дадаткам сіняга ці зялёнага колеру. Пярэдняя полка буркі (а таксама іншых тыпаў паяснога адзення – пасамэнніка, хвартуха, летніка), якая закрывалася фартушком, аздаблялася проста, але заўседы характар яе дэкору падпарадкоўваўся агульнаму мастацка-дэкаратыўнаму вырашэнню дадзенай рэчы і ўсяго ансамбля ў цэлым. Бурка з’яўлялася самым цеплым, дэкаратыўным і дарагім тыпам жаночага паяснога адзення, таму выкарыстоўвалася ў самыя ўрачыстыя моманты жыцця, пераважна ў халодную пару года. Па матэрыяле і тэхніцы вырабу вельмі блізкім да буркі быў пасамэннык — таксама цеплая паўсуконная спалдніца, тканая “кажушком” з выкарыстаннем бранай двухуточнай тэхнікі ткацтва. Яна адрознівалася ад буркі  больш сціплым дэкорам – падол яе аздабляўся толькі адным шырокім трохчасткавым бардзюрам (паскам) ромба-геаметрычнага арнаменту, які натыкаўся ніткамі цемна-чырвонага колеру, іншы раз таксама з дадаткамі, зялёнага, цёмна-сіняга колеру.
Святочная спадніца звычайна ярка-чырвонага колеру, ператканая па падоле шырокім бардзюрам паліхромнага геаметрычнага арнаменту, называлася  “летнік”. Тканіна для летніка выраблялася цалкам з шарсцяных нітак, ткалася на чатырох нітах, але звычайна палатняным, часам простым саржавым перапляценнем, таму спадніца атрымлівалася лягчэйшай за бурку і пасамэннык і магла выракарыстоўвацца ў святочныя дні летам. Арнаментальны бардзюр таксама натыкаўся ў тэхніцы бранага двухуточнага ткацтва, але больш просты характар арнаменту, узбуйненне  матываў і ўвядзенне рознакаляровых нітак паказваюць на больш позняе паходжанне гэтага тыпу адзення. Яркі каларыт летніка сведчыць пра тое, што ён прызначаўся для дзяўчат і жанчын маладога ўзросту. Штодзённа, а летам ў святочныя дні, шырока ўжываўся яшчэ адзін тып спадніцы-хвартух (у адрозненне ад фартуха, які на Маларытчыне часта называлі “фартушком”). Назва “хвартух” распаўсюджвалася на ўсе вырыянты льняных спадніц, якія кампазіцыйна-арнаментальным вырашэннем і каларытам часцей за ўсё нагадвалі пасамэннік. Святочныя варыянты гэтых спадніц па багацці і ўрачыстасці аздаблення набліжаліся да буркі. “Хвартухамі” называлі таксама льняныя спадніцы ў паліхромныя папярочныя палоскі, якія з’явіліся ў 1930-я гады. Для вырабу хвартухоў звычайна выкарыстоўвалі розныя варыянты чатырохнітовага аднаўточнага ткацтва, якое надавала такія віды саржавага перапляцення, як двухбаковая саржа  “у паскі”, адбаковая саржа “кажушок”, аднабаковая рамбічная саржа “у кругі” і інш. Сустракаюцца таксама  хвартухі, вырабленыя ў тэхніцы васьмінітовага ткацтва. Поле такіх хвартухоў заткана рапортным шашачна-геаметрычным арнаментам, які ўтвораны спалучэннем у матывах узору правага і левага боку аднабаковай саржы. Агульная рыса ўсіх варыянтаў хвартуха — наяўнасць шырокага арнаментальнага шляка на падоле, які звычайна выконваўся ў тэхніцы бранага двухуточнага ткацтва і меў традыцыйную трохчастковую кампазіцыю. Пры гэтым буйны рамбічны арнамент шчыльна ўпісваўся ў гладкія і дробнаўзорыстыя палосы і меў характэрны Маларыцкі каларыт, аснову якога складалі цёмна-чырвоны, шэры і белы колеры. Выключэннем з’яўляюцца познія хвартухі, дэкор якіх мог утварацца выключна гладкімі паліхромнымі палосамі.
Спадніцы ўсіх разлежаных тыпаў мелі аднолькавую канструкцыю. Полкі купоннай тканіны, з якіх яны шыліся, па таліі збіралі ў дробныя зборкі-складачкі (акрамя пярэдняй, якая збіралася толькі па баках). Парэднюю полку разразалі зверху пасярэдзіне, краі падшывалі, а потым верх спадніцы абшывалі вузкай палоскай тканіны — поясам, які спераду пераходзіў у завязкі. Ніз спадніцы падшывалі, пасля чаго яе запрасоўвалі буйнымі рабрыстымі складкамі, акрамя сярэдзіны пярэдняй полкі, што не была сабрана ў зборкі і закрывалася фартушком. Для замацавання складак на спадніцах іх акуратна згортвалі і клалі на гарачую чарэнь печы пад жыта, якое там сушылася, або на лаўку, накрывалі палатном, а зверху выкладвалі гарачы, толькі з печы хлеб. Пасля такой тэрмічнай апрацоўкі складкі добра трымаліся.

Фартух

Абавязковай часткай дзявочага  і жаночага  строю быў фартух. Насіць яго пачыналі ўжо з 5-7 гадоў. Звычайна ўпершыню яго павязвалі дзяўчынкам на Вялікдзень, калі ішлі ў царкву. Адметная рыса Маларыцкіх фартушкоў – іх невялікая шырыня і строгае падпарадкаванне аздаблення агульнаму арнаментальна-кампазіцыйнаму вырашэнню ўсяго строю. Фартушок шыўся з адной-дзвюх полак палатна. Тканы або вышываны яго дэкор кампанаваўся ў шырокія трохчасткавыя бардзюры ці шэраг узорыстых палос, якія канцэнтраваліся ўнізе прыполу. Аднак на позніх фартушках, упрыгожаных раслінным арнаментам, вышытым крыжыкам, сустракаюцца і больш вольныя кампазіцыі, дапоўненыя карункавымі ўстаўкамі і асобнымі матывамі, што ўтваралі верхні радок аздабленння. Тканыя фартушкі звычайна проста падшываліся вузкім рубчыкам, а вышываныя — часткова або цалкам — карункамі фабрычнага вырабу. У фартушках 1930-1940 гг., пашытых у асноўным з белай баваўнянай тканіны і вышытых крыжыкам асаблівае значэнне надавалася завязкам пояса, якія пашыраліся на канцах і таксама аздабляліся вышыўкай. Іншы раз вышываныя канцы завязак ператвараліся ў самастойнае ўпрыгожванне ў выглядзе арнаментаваных на канцах палосак тканіны, прышытых ззаду да шырокага поясу, які зашпільваўся на гузік з левага боку.
А яшчэ на Маларыцкай зямлі існавалі так званыя “імянныя фартухі”, вышытыя крыжыкам з тэкстамі песень пра несчаслівае дзявочае каханне. Адметнасць гэтага фартуха ў тым, што тэкст рускага верша пра каханне майстрыха вышывала па памяці ў перакладзе на мясцовую гаворку: “Я дорошку нэ забуду, где мы с мілым гуляліся, на этой дорожкэ мы навік распрошчаліся”.

IMG_5353.jpg
image009.jpg
Фото. Женские народные костюмы Малориты.

 

Мужчынскае адзенне

Адзенне для мужчын было не такім адметным і яркім і не вылучалася такой дэкаратыўнасцю, як жаночае, таму не вельмі  шанавалася і да нашых дзен захаваліся толькі мужчынскія сарочкі і паясы.

Мужчынская кашуля

Кашуля шылася доўгай, звычайнага тунікападобнага крою, з каўняром-стойкай і нешырокай, але доўгай манішкай, што прыкрывала пазушны разрэз. Сам каўнер, манішка і манжэты рукавоў аздабляліся геаметрычным альбо кветкава-раслінным арнаментам, вышытым лікавай гладдзю, а часцей за ўсе крыжыкам з выкарыстаннем нітак чырвонага і чорнага колеру. Кашуля насілася паверх белых палатняных штаноў і падвязвалася чырвоным поясам, які плялі рукамі ці ткалі на кроснах. Адметнасцю святочнага строю было адзенне з якаснага, добра адбеленага палатна з багатым аздабленннем, у якім пераважаў чырвоны колер. Чырвоным колерам насычаліся і такія часткі адзення, як пояс, які для святочных дзён быў больш шырокім і доўгім. У некаторых вёсках мужчыны абгортвалі ногі шарсцянымі анучамі чырвонага колеру, што добра спалучалася з шырокімі чырвонымі паясамі, якія завязваліся з левага боку, а канцы іх звісалі да кален. У зімовы перыяд мужчыны насілі чорныя або цёмна-сінія суконныя штаны, а паверх сарочкі надзявалі звужаную ў таліі камізэльку з невялікім трохвугольным выразам гарлавіны і хлясцікам ззаду. Для яе ткалі “рабенькую” тканіну са скручаных ільняных чорных і белых нітак. Верхнім мужчынскім адзеннем былі світкі і кажухі.

 

Дзіцячае адзенне

Дзіцячае адзенне нічым не адрознівалася ад дарослага, толькі ў памерах. Хлопчыкі насілі доўгія кашулі, суконныя штаны, дзяўчынкі — сарочкі і спадніцы з фартухамі, на галаву павязвалі хусцінкі. Верхнім адзеннем дзяцей былі латухі, якія падвязваліся тканымі ці сплеценымі з нітак паясамі, на ногі адзявалі лапці (постолы), сплеценыя з лыка. Да нашых дзён у раене не захаваліся ўзоры дзіцячага адзення.

image001.jpgimage005.jpg

image003.jpg
Фото. Детские народные костюмы Малориты.