Бескоровайный Сергей Александрович

Вид художественной деятельности – портретная живопись.

Материал – масляные краски, кисти, полотно.

Особенности творческой манеры – портретная живопись.

Тематика изделий: портретная живопись.

У кожным партрэце жыве душа.

Не ведаю чаму, але мне заўсёды неяк цяжка пісаць пра таленавітых людзей. Здаецца, што ніякія словы не змогуць перадаць тыя яскравыя ўражанні ад мастацтва. А хочацца сказаць нешта сапраўды ад душы.
…Адчыняючы дзверы звычайнай гарадской кватэры, не думала, што апынуся ў дамашняй карціннай галерэі. Шчыра прызнацца, была вельмі ўражана. І ў гэтым артыкуле запрашаю вас завочна наведаць выстаўку таленавітага мясцовага мастака-партрэтыста Сяргея Аляксандравіча Бескаравайнага.
Думаю, вас, як і мяне, здзівіць, што Сяргей Аляксандравіч не мае спецыяльнай мастацкай адукацыі. Ён закончыў вучылішча, дзе атрымаў прафесію каваля. Затым вучыўся ў Магілёўскай і Мінскай партыйных школах і працаваў на кіруючых пасадах у Маларыцкім раёне.
Талент мастака ў яго праявіўся яшчэ падчас службы ў арміі. Шчыра і з захапленнем Сяргей Аляксандравіч расказвае пра свае, тады яшчэ нясмелыя крокі ў мастацтве. Як самую вялікую каштоўнасць, паказвае набор пэндзляў для малявання. Яго першыя работы выкананы алоўкам. Мастак асцярожна, з трапяткой любоўю адкрывае альбом, у якім захоўваюцца дасягненні мінулых гадоў. Са старонак яго на мяне глядзяць партрэты розных людзей, яго саслужыўцаў. Са слоў Сяргея Аляксандравіча даведваюся, што ў малюнкі ён укладваў усе свае пачуцці, імкнуўся надаць патрэтам рысы індывідуальнасці, непаўторнасці.
Ішлі гады. Мастак змяняў месцы працы, але сваё захапленне маляваннем не пакідаў. Сяргей Аляксандравіч запрашае мяне ў невялічкі пакой, дзе перада мной адкрываецца цэлая партрэтная галерэя. На палотнах – вядомыя людзі нашага раёна: Міхаіл Міхайлавіч Улезла, Уладзімір Сяргеевіч Клугін, Барыс Валяр’янавіч Пухоўскі, Таццяна Яўгенаўна Рыжэвіч, Сяргей Васільевіч Астапук і многія іншыя. Карціны, якія ўбачыла, яскравыя і жыццесцвярджальныя. Яны раскрываюць паэзію і хараство ўнутранага свету кожнай асобы. Здаецца, вось-вось чалавек сыдзе з палатна і працягне руку, каб прывітацца. Сапраўды, вялікім дарам для мастака з’яўляецца здольнасць ператвараць звычайнае ў творы мастацтва.
Між іншым, з многімі работамі Сяргея Аляксандравіча Бескаравайнага была знаёма даўно. Галерэя выкананых ім партрэтаў “Славутыя землякі Маларытчыны” ёсць у СШ № 2. Дарэчы, у школе мастак заўжды жаданы госць. Вось і нядаўна ахвотна наведаў ён класную гадзіну, прысвечаную знакамітым землякам нашага раёна, якую падрыхтавалі вучні-васьмікласнікі і іх настаўнікі Наталля Пятроўна Алесік і Аксана Міхайлаўна Галавей. Разам з Анатолем Дзмітрыевічам Крысіным, які быў дырэктарам СШ № 2 у 1978-1984 гадах, і таксама прыняў удзел у сустрэчы, яны адказвалі на пытанні вучняў пра сваё жыццё, пра ідэю стварэння партрэтнай галерэі. Сяргей Аляксандравіч прыйшоў у госці з падарункам. Ва ўрачыстай абстаноўцы ён уручыў дырэктару СШ № 2 Любові Васільеўне Куц партрэты дырэктара дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Міхаіла Улезла і франтавіка, былога старшыні райвыканкама Уладзіміра Клугіна. Гэтыя партрэты цяпер папоўняць школьную галерэю землякоў.
А яшчэ мастак падзяліўся сваімі планамі на будучае. Цяпер ён працуе над стварэннем партрэтнай галерэі музея Алімпійскай славы для спартыўнага комплексу “Жамчужына”. Гэта адзін з апошніх праектаў Сяргея Аляксандравіча. Але самым галоўным праектам для яго з’яўляецца мастацтва, зацяты пошук і ўдасканаленне індывідуальнага дару, суаднясенне сваіх адчуванняў з тым, што з’яўляецца на палатне.

Людміла ЯРМАШУК, настаўніца беларускай мовы і літаратуры ДУА “Маларыцкая сярэдняя школа № 2”.
Ярмашук, Л. У кожным партрэце жыве душа / Людміла Ярмашук ; фота аўтара // Голас часу. Маларыта, 2014. 5 лютага (№ 9). C. 8 : фот.